БРЭ́СЦКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК.
Існаваў у 1623—1830. Засн. ў паўн. прадмесці Брэста Пяскі. Напачатку быў драўляны. Мураваны касцёл Дабравешчання Марыі асвячоны ў 1751; адначасова пабудаваны 2-павярховы кляштарны корпус, які застаўся незакончаным. Увенчаны 8-граннай вежай храм меў незвычайны для бел. архітэктуры авальны план з асобнай капліцай для манашак. Інтэр’ер быў аздоблены стукавай лепкай і 11 разьбянымі алтарамі. Існавалі гасп. будынкі: стайні, хлявы, свірны, карэтнік і інш. Да іх прымыкалі сад і агарод. Уся тэр. была абнесена мурам. Пры пабудове Брэсцкай крэпасці кляштар быў зачынены, у ім размяшчалася арыштанцкая рота.
А.А.Ярашэвіч.
т. 3, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)